Дзень беларускай мовы

Кожны год ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова! Матчын дарунак ад самай калыскі, ты самацветаў яскравая нізка. Кожны з іх барвы дзівосныя мае, вечным агнём зіхаціць – не згарае. Ты мне заўсёды была дапамогай, дзе б і якой ні хадзіў я дарогай. Чую ў табе перазвоны крыніцы, чую ў табе і раскат навальніцы, чую павевы зялёнага бору, водгулле працы ў родным прасторы. Кожнай драбнічкай ты варта пашаны, кожнае слова вякамі стварана. І на вякі яно жыць застаецца, вечнае так, як народнае сэрца.

Уладзімір Дубоўка

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята гэта, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

Зараз у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў, і, па прагнозах спецыялістаў, недзе 40 % з іх у бліжэйшы час могуць знікнуць. Таму невыпадкова, што гучыць заклік зберагчы кожную мову як увасабленне ўнікальнага светабачання, як жывую і найкаштоўнейшую спадчыну народаў.

Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.

Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную “трасянку”, або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі.

Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету. Беларуская мова адносіцца да ўсходнеславянскай падгрупы індаеўрапейскай моўнай сям’і.

Яна, безумоўна, мае шмат агульных граматычных і лексічных рыс з рускай і ўкраінскай мовамі. Аднак і спецыфічных адметнасцей багата ў нашай роднай мове. Гэта дзеканне і цеканне, аканне і яканне, зацвярдзелыя зычныя і суседняя мяккасць, у нескладовае і апостраф. А колькі самабытных беларускіх слоў!

Вось такіх, напрыклад, як у радках Кастуся Цвіркі: Абрус – абцас – азярод – арэлі… Вясёлка – вырай – вярба – ваўчкі… Як міла пазвоньваюць, сэрца грэючы, Чыстых бацькаўскіх слоў ланцужкі! Дык давайце ж будзем размаўляць па-беларуску! І не толькі 21 лютага, а заўжды!

https://sad3zdanovichi.schools.by/